Ніколі не забудзем
ПАЛIТЫКА ГЕНАЦЫДУ, ГРАБЯЖУ І ГВАЛТУ
На захопленай агрэсарамі тэрыторыі СССР да вайны пражывала каля 80 млн. чалавек. У ваенныя гады 25 млн чалавек эвакуіраваліся на ўсход. У Беларусі пад акупацыяй аказалася каля 8 млн жыхароў. Яны вымушаны былі цярпець масавы тэрор, расстрэлы, разбурэнні гарадоў і вёсак, здзекі, гвалт і галечу.
Першым крокам акупантаў на захопленай тэрыторыі стала ўвядзенне абмежаванняў грамадзянскіх свабод мясцовага насельніцтва. Было абвешчана надзвычайнае становішча. Усё насельніцтва падлягала абавязковаму ўліку. Забаранялася дзейнасць усіх арганізацый, правядзенне мітынгаў і сходаў. Уводзіўся прапускны рэжым, дзейнічала каменданцкая гадзіна. З першых дзён акупацыі германскія агрэсары здзяйснялі масавыя забойствы камуністаў, камсамольцаў, актывістаў савецкай улады, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, усіх, хто ўяўляў “небяспеку” і адмоўна ставіўся да выканання загадаў нямецкіх улад. З асаблівай жорсткасцю знішчалася “расава шкодная” частка насельніцтва: яўрэі, цыганы, фізічна і псіхічна хворыя. Масавае знішчэнне людзей ажыццяўлялі асобныя аператыўныя групы (айнзацгрупы), якія падзяляліся на спецыяльныя і аператыўныя каманды. Перад імі ставіліся задачы “ўціхамірвання” захопленых, выяўлення і знішчэння палітычна небяспечных асоб.
На акупаванай тэрыторыі захопнікі стварылі сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў, дзе без суда і вызначэння тэрміну зняволення знаходзіліся сотні тысяч людзей.
Канцэнтрацыйныя лагеры - месцы масавага зняволення і фізічнага знішчэння людзей па палітычных, расавых, рэлігійных і іншых прыкметах. Ствараліся ў Германіі пасля прыходу да ўлады ў 1933 г. нацыстаў і на акупаваных тэрыторыях.
Найбольш буйнымі з іх былі Асвенцым, Майданек, Трэблінка, Трасцянец, Дахау, Заксэнхаўзен, Бухенвальд, Маўтхаўзен.
У Беларусі дзейнічала больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў.
Палонных утрымлівалі ў непрыстасаваных для жыцця памяшканнях, часта пад адкрытым небам. Рацыён харчавання быў бедным. З 3,4 млн салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў нямецкую палон у 1941 г., да студзеня 1942 г. дажылі толькі 1,4 млн чалавек. Астатнія былі знішчаны ці сталі ахвярамі эпідэмій, голаду і холаду. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі з'яўляўся Трасцянецкі лагер смерці, дзе загінула больш за 206,5 тыс. чалавек.
Адзін з першых лагераў на тэрыторыі Беларусі быў створаны ў вёсцы Дразды ля Мінска. На 10 ліпеня 1941 г. у ім утрымлівалася каля 100 тыс. ваеннапалонных і 40 тыс. грамадзянскіх палонных ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў. Толькі ў Масюкоўшчыне загінула больш за 80 тыс. ваеннапалонных.
Трагічны лёс напаткаў яўрэяў. Знішчэнне нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны яўрэйскага насельніцтва Еўропы атрымала назву “халакост”. У выніку праведзеных карных акцый за час вайны ў Беларусі было знішчана больш за 600 тыс. яўрэяў. У большасці буйных гарадоў і раённых цэнтраў выдзяляліся спецыяльныя кварталы для пражывання і знішчэння яўрэйскага насельніцтва - гета.
Тэрыторыя гета, як правіла, агароджвалася калючым дротам, ахоўвалася войскамі і паліцыяй. У Беларусі было створана больш за 110 гета. Найбольш буйныя былі ў Мінску, Гродне, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Пінску, Слоніме, Гомелі. Так, у Мінскім гета ўтрымлівалася звыш 80 тыс. яўрэяў, у тым ліку больш за 20-25 тыс. з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, Літвы і інш. За час існавання Мінскага гета было праведзена 7 буйных пагромаў.
Жорсткасць акупацыйнага рэжыму ўвесь час узмацнялася. Знішчаліся цэлыя раёны, якія ператвараліся ў “зоны пустыні”. У мэтах барацьбы з антыгерманскім супраціўленнем, прыгнёту камуністычнай ідэалогіі і запалохванні насельніцтва шырока выкарыстоўваліся карныя экспедыцыі.
За час акупацыі Беларусі захопнікамі было праведзена больш за 140 значных карных аперацый. Першая – “Прыпяцкія балоты” - адбылася ў ліпені-жніўні 1941 г. на тэрыторыі Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей. Падчас гэтай аперацыі фашысты расстралялі 13788 чалавек, спалілі шмат вёсак.
Найбольш буйнымі карнымі аперацыямі з'яўляліся “Арол”, “Трыкутнік”, “Чароўная флейта”, “Котбус”, “Герман”. У справаздачы аб выніках аперацыі “Герман”, праведзенай у ліпені - жніўні 1943 г. на тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Любчанскага, Навагрудскага і Юрацішкаўскага раёнаў, К. фон Готтберг паведамляў у Берлін, што забіта 4280 чалавек і ўзята ў палон у якасці працоўнай сілы 20944, у тым ліку 4180 дзяцей. Акупанты рэквізавалі 3145 курэй, 6776 кароў, 499 цялят, 9571 авечку, 1517 свіней, звыш 100 сельскагаспадарчых машын і вялікую колькасць дробнай жывёлы, збожжа, прадуктаў харчавання.
Нямецка-фашысцкія захопнікі жорстка распраўляліся з мясцовым насельніцтвам. Нярэдка гітлераўцы заганялі людзей у будынкі, зачынялі дзверы і падпальвалі. Людзі паміралі пакутніцкай смерцю.
Многія населеныя пункты знішчаліся па некалькі разоў. Так, у Віцебскай вобласці 243 вёскі спальваліся двойчы, 83 – тройчы, 22 – чатыры і больш разоў; у Мінскай - 92 населеныя пункты двойчы, 40 - тройчы, 16 - чатыры і больш разоў.
Увесь свет ведае сёння аб трагедыі вёскі Хатынь, у якой 22 сакавіка 1943 г. было жыўцом спалена 149 чалавек, з іх 76 дзяцей.
Нямецка-фашысцкія агрэсары не ведалі літасці. Часта яны выкарыстоўвалі дзяцей, асабліва з дзіцячых дамоў, у якасці донараў. Мясцовае насельніцтва прыцягвалася да расчысткі замініраваных участкаў, было жывым шчытом у баявых аперацыях супраць партызан і войск Чырвонай Арміі. У выніку наўмыснага знішчэння, варварскіх бамбардзіровак і артабстрэлаў на акупіраванай тэрыторыі СССР загінула звыш 7 млн. мірных жыхароў.
Адной з трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны стала дэпартацыя насельніцтва на прымусовыя працы ў Нямеччыну, Аўстрыю, Чэхію, Францыю і іншыя краіны. Усяго было гвалтоўна вывезена 5,3 млн. чалавек, у тым ліку каля 400 тыс. з Беларусі.
Паводле расавай дактрыны выхадцы з Усходняй Еўропы лічыліся найніжэйшай катэгорыяй замежнай працоўнай сілы. За 1–3 рэйхсмаркі ў тыдзень, 150 г хлеба і міску баланды дарослых і нават дзяцей прымушалі па 12–14 гадзін у суткі выконваць цяжкую некваліфікаваную працу на прамысловых і ваенных, дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, на будаўніцтве і ў сельскай гаспадарцы. За невыкананне заданняў ім як сабатажнікам пагражала турэмнае зняволенне ці расстрэл. У выніку бесчалавечнага стаўлення да працоўных з Усходняй Еўропы 2200000 чалавек загінулі.
Яўрэцскія расстрэлы
Горад Клецк таксама мае дачыненне да гісторыі яўрэйскага насельніцтва. Да пачатку Другой сусветнай вайны з 9000 насельніцтва горада 6000 чалавек былі яўрэі. А з пачаткам Другой сусветнай вайны ў Клецку аказалася вялікая колькасць бежанцаў - яўрэйскія сем’і бежанцаў з розных раёнаў Польшчы, захопленых нямецкімі акупантамі.
У Клецк нямецкія войскі ўступілі 26 чэрвеня 1941 года. З уступленнем немцаў у горад пачаўся тэрор супраць яўрэяў і іх мабілізацыя на самую цяжкую працу. Недалёка ад горада знаходзіліся ваенныя казармы, і туды прыганялі яўрэяў, прымушаючы іх чысціць стайні. Хлопцаў, якія не спраўляліся з цяжкай працай ці спрабавалі ўцячы, расстрэльвалі.
Расстрэлы яўрэйскага насельніцтва пачаліся з першых дзён акупацыі. Ужо ў жніўні 1941 г. у в. Заастравечча і Сіняўка былі поўнасцю знішчаны мясцовыя яўрэі.
30 кастрычніка 1941 года каля Пакроўскай царквы г. Клецка было расстраляна больш за 4000 яўрэяў (пераважна жанчыны, дзеці, старыя, прадстаўнікіінтэлігенцыі). Астатнія, каля 1500 найбольш працаздольных чалавек, былі заключаны ў гета і выкарыстоўваліся на самых цяжкіх работай. Гістарычныя факты сведчаць аб тым, што ў горадзе была створана падпольная маладзёжная арганізацыя, якая прыняла рашэнне пераадолець забароны, бегчы з гета і ўліцца ў склад партызан. Аб падзеях таго часу, аб падрыхтоўцы паўстання і знішчэнні гета ёсць успаміны. 22 ліпеня 1942 года было знішчана гета. Амаль усе яго вязні загінулі ад куль ці згарэлі ў агні. Толькі нямногім пашчасціла выратавацца. Вядома, што за некалькі дзён да ліквідацыі гета была выкапана вялікая траншэя каля лесу “Старына”, куды ў далейшым фашысты звезлі забітых яўрэяў.
Да вайны ў Сіняўцы пражывала 700 яўрэяў. Гета было створана немцамі ўлетку 1941 года. Яно займала цэлы квартал на Пінскім тракце на скрыжаванні з дарогай Брэст-Масква - месца, дзе больш за ўсё пражывала яўрэяў. Гета было агароджана калючым дротам, паліцаі ахоўвалі яго.
На аснове ўспамінаў жыхароў Сіняўкі ўдалося ўстанавіць факты расстрэлу вязняў сіняўскага гета. Яны загінулі ў 1943 годзе.
Цяпер на месцах масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ўстаноўлены помнікі. І. Бауэр сказаў: “Памяць аб Халакосце неабходна, каб нашы дзеці ніколі не былі ахвярамі або абыякавымі назіральнікамі”.
Пра братоў Хільтавых
Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны складалася не толькі з вялікіх бітваў, але і з мільёнаў чалавечых лёсаў. Невядомыя старонкі гэтай чалавечай гісторыі незлічоныя, але час ад часу ўтоенае вырываецца вонкі з цемры забыцця. І сёння, дзякуючы чалавечай памяці, захоўваецца гісторыя хрысціянскага подзвігу і пакутніцтва святароў - братоў Георгія і Мікалая Хільтавых.
З красавіка 1942 года Мікалай Хільтаў быў сувязным партызанскага атрада ім. Р.Катоўскага 300-й брыгады ім. К.Варашылава. Яго дом быў адначасова і шпіталем, і базай адпачынку, і складам зброі. Партызаны прыязджалі сюды па некалькі разоў на тыдзень. Рэгулярна спыняліся групы падрыўнікоў перад выхадам на чыгуначную лінію Гарадзея-Баранавічы. Айцу Мікалаю ва ўсіх справах дапамагала жонка Наталля. Паколькі яе бацька быў цяжка хворы, яна валодала асновамі медыцынскіх ведаў, якія аказаліся вельмі дарэчы для аказання дапамогі параненым. Да падполля далучыліся нават дачкі Кіра і Надзея. Яны дапамагалі рабіць перавязкі, распаўсюджвалі лістоўкі і паведамленні Саўінфармбюро ў Клецку і Нясвіжы.
Брат айца Мікалая, святар Клецкай Пакроўскай царквы Рыгор Хільта арганізаваў збор прадуктаў для ваеннапалонных. Кожны тыдзень з Пакроўскай царквы ў лагер везлі хлеб, бульбу, сала і яйкі. Толькі ў канцы 1943 года, пасля двух арганізаваных уцёкаў ваеннапалонных, немцы забаранілі гэтую дапамогу. У пачатку 1942 года групу сірот з Мінска, у тым ліку яўрэяў, перавялі ў Клецк. Каб выратаваць дзяцей, Рыгор Хільтаў хрысціў іх і аформіў неабходныя дакументы.
6 красавіка 1944 года па даносе здрадніка былі арыштаваны айцец Мікалай і яго брат Георгій. Праз некаторы час іх жонкі Наталля і Лідзія аказаліся ў Калдычэўскім канцлагеры.
Айца Мікалая пасля доўгіх катаванняў жыўцом спалілі, прывязаўшы да жалезнага ложка, а жонку неўзабаве расстралялі. Літаральна за некалькі дзён да вызвалення былі забітыя таксама айцец Георгій і яго жонка Лідзія.
Колкі
1 верасня 1942 года вёска Колкі была поўнасцю знішчана гітлераўцамі. Гэта здарылася на досвітку. Многія яшчэ спалі. Толькі дзе-нідзе сталі гаспадарыць у хаце руплівыя гаспадыні. Яны першымі пачулі шум машын.
Дарога паміж вёскамі Морач і Колкі была разбітай і раскіслай, таму машыны рухаліся павольна і часта спыняліся. Толькі гэтая акалічнасць выратавала некаторых людзей ад гібелі. Шум рухавікоў стаў узмацняцца. Пачуў яго Васіль Андрэевіч Рамашка, які, не губляючы часу, пачаў будзіць усіх жыхароў. Людзі пачалі ўцякаць у лес. Хутка фашысты акружылі вёску. Тых, каму не ўдалося выратавацца, вывелі з дамоў на шырокую вуліцу. Жанчын і дзяцей загналі ў балота. А мужчын, 32 чалавекі, пастроілі ў калону і пасля непрацяглага допыту сталі расстрэльваць. Заводзілі двух чалавек у хлеў, рабілі сваю брудную працу, а потым заводзілі наступных дваіх. Пасля расстрэлу хлеў і ўсю вёску падпалілі. З 32 расстраляных удалося ўцалець двум. Калі загарэлася адрына, абодва яны, параненыя, выламалі дзве дошкі ў сцяне, вылезлі ў сад і схаваліся ў дыме.
У той час сям’я Максімені, яго жонка і двое дзяцей былі забітыя ва ўласным доме. Іх карнікі знайшлі ў склепе.
Ацалелыя жыхары вёскі жылі ў лесе, у зямлянках. Стварылі атрад самаабароны. З прыходам партызанскай брыгады № 18 імя М.У. Фрунзэ (студзень 1944 г.) атрад самаабароны ўліўся ў гэтую брыгаду асобным атрадам.
Вёска Колкі - адна са спаленых вёсак, сястра Хатыні. Многія спаленыя вёскі не вярнуліся да мірнага жыцця, а вёска Колкі пасля выгнання фашыстаў адрадзілася.